Юрий Гуралюк (guralyuk) wrote,
Юрий Гуралюк
guralyuk

ARCHE перепечатал из моего блога рецензию одного литовского автора на книгу о Беларуси

Удачная вышла книга, слов нет. Столько рецензий из разных стран нечасто бывает.

ARCHE - такой белорусский националистический, видимо, скорее либерально-националистичсекий культурологический толстый журнал. Видимо, лучший в своем "классе". Наподобие львовского "Й" ("I" с двумя точечками, которой у меня на клаиватуре нет).

По сути - ничего сказать не могу. На рецензии не отвечаю, но внимательно вычитываю. Если будет следующее издание книги, учту при подготовке.


Арунас Бразаўскас
Джэнтыле пры Бацьку

Шевцов, Ю. В. Объединенная нация. Феномен Беларуси.
Москва: Европа, 2005. — 256 с.

Кніга Юр’я Шаўцова пра Беларусь, што выйшла ў сьвет ў другой палове 2005 г., была прэзэнтаваная мэтавай аўдыторыі чытачоў — расейскамоўным палітолягам ды палітыкам — не без спрыяньня сілаў, якія як у Расеі, гэтак і ў Беларусі можна лічыць «афіцыйнымі». Зыходзячы са спосабу дзеяньня беларускіх уладаў, добразычлівасьць «афіцыёзных» інстытуцыяў (а як жа бязь іхнага ведама аўтар здолеў бы прэзэнтаваць кнігу на Першым нацыянальным ТБ Беларусі?) дае падставы прыпісваць аўтара да ліку прымальных для Лукашэнкава рэжыму аўтараў.

Гэтага, вядома ж, недастаткова, каб уважаць Ю. Шаўцова за нейкага Джавані Джэнтыле пры прэзыдэнту Беларусі. (Нагадаю, што Дж. Джэнтыле быў ідэолягам рэжыму Бэніта Мусаліні, ён аўтар артыкула пра дактрыну фашызму ў італьянскай энцыкляпэдыі, якую са сваёй ласкі падпісаў сам Мусаліні.) Тым ня менш, кніга Ю. Шаўцова напісаная на аснове нейкіх каштоўнасьцяў, у яе закладзены пэўны ідэалягічны фундамэнт, першае азнаямленьне зь якім абуджае багата пытаньняў і дае мала падставаў, каб лічыць гэты фундамэнт «лібэральным» і нават навуковым. (Ідэалёгія і «навуковасьць», вядома ж, гэта «дзьве вялікія розьніцы». Сумневы ў «навуковасьці» мусяць баржджэй уражаць аўтарава самалюбства.)

Твор Ю. Шаўцова можна аднесьці да шэрагу пазнавальных выданьняў, прысьвечаных «краінам» — гэтым даволі крохкім аб’ектам у эпоху глябалізацыі. Кніга складаецца з чатырох разьдзелаў, дзе разглядаюцца, адпаведна, культура і ідэнтычнасьць беларусаў, эканоміка, Чарнобыльская катастрофа і сучасная Беларусь.

Каб пакараціць шлях да некалькіх асноўных, як мне падаецца, пытаньняў, што паўстаюць пры чытаньні кнігі, я выкарыстаю наступнае прыраўнаньне. Як ведама, пэўныя гатункі арганічнага шкла маюць такую асаблівасьць: на паверхні кавалка шкла ёсьць нейкі «пункт біцьця», удар у які вядзе да імгненнага «выбуху» ўсяго кавалка — ён разьлятаецца на дробныя аскялёпкі. На мой погляд, у выбудове Ю. Шаўцова ёсьць некалькі «пунктаў біцьця», удар у якія (уяўны, вядома ж) ператварае ў макулятуру зусім ня ўсю кнігу, але ладную яе частку.

Пачнём з фундамэнту якіх-кольвек краіназнаўчых дасьледаваньняў — статыстыкі, панятку, у якім імпліцытна прысутнічае «дзяржава» (stato). Аўтар піша ва ўводзінах:

Але ўсякае дасьледаваньне беларускіх рэаліяў пачынаецца з авалодваньня масівам афіцыйнай інфармацыі. З майго асабістага досьведу склалася ўражаньне, што беларуская статыстыка наогул адэкватна адлюстроўвае рэаліі. Можна сьмела абапірацца на яе, разглядаючы тыя пытаньні, дзе беларуская дзяржава ўжывае мэнэджарскія рашэньні: перадусім гэта эканамічныя рэформы. (с. 12)

Статыстыка ці выклікае давер, ці не. Вядомы жарт пра тое, што існуюць тры віды хлусьні — хлусьня, большая хлусьня і статыстыка, — вядома, не пасуе як аргумэнт, бо жарт — яшчэ не сацыяльны закон. «Дакладнасьць статыстыкі» як сацыяльная катэгорыя базуецца на даверы да суб’екта статыстычных дадзеных — дзяржавы. Яна ж дасягае даверу адкрыўшы мэханізмы статыстыкі для незалежнай праверкі з боку сваіх грамадзян ды іншых дзяржаваў. Праблема ня ў тым, ці дакладны нейкі статыстычны паказьнік, а ў тым, ці можна свабодна праверыць ягоную дакладнасьць. Расейскі эканаміст Міхаіл Хазін, напрыклад, будуе свае прагнозы эканомікі ЗША, дапусьціўшы магчымасьць фальсыфікацыі нават афіцыйных статыстычных дадзеных Амэрыкі з боку ўладаў (http://worldcrisis.ru/crisis). І гэта ў ЗША, дзе рэальна дзейнічаюць мэханізмы доступу грамадзян да афіцыйных дакумэнтаў на падставе Акту аб свабодзе інфармацыі. Да таго ж недавер да амэрыканскай статыстыкі, на мой погляд, не ёсьць неабгрунтаваным, прынамсі ў выпадку карпарацыйнай статыстыкі. Сьведчаньне тут — карпарацыйныя скандалы колькіх папярэдніх гадоў. А ў дачыненьні да Беларусі Ю. Шаўцоў проста дае слова гонару, заснаванае на асабістым досьведзе, што статыстыка наогул «адэкватна адлюстроўвае рэаліі». Краіназнаўства, заснаванае на слове гонару? Ад «слова гонару» да шарлатанства ў навуцы — крок ступіць.

Вось яшчэ адна цытата з уводзінаў:

Беларусь адмовілася ад шокавай тэрапіі і масавай прыватызацыі, захавала высокаканцэнтраваную арыентаваную на экспарт прамысловую вытворчасьць, ініцыявала і ўклала саюз з Расеяй, спыніла разьвіцьцё ўласнага нацыяналізму, вытрымала жорсткую ідэалягічную і палітычную канфрантацыю з Захадам. (с. 7)

З гледзішча граматыкі дзейнік у гэтым сказе «Беларусь». А што такое Беларусь з гледзішча паліталёгіі? Гэта дзяржава і ейны палітычны рэжым. Ці гэты рэжым дэмакратычны? Ці дзейнічаюць там мэханізмы прадстаўнічай дэмакратыі, ці існуе там паўнавартасная сыстэма вольнага фармаваньня грамадзкай думкі? Дык жа не!

Было б слушна ў працытаваным сказе слова «Беларусь» замяніць на канструкцыю — «аўтарытарны рэжым Лукашэнкі». Але тады ў кнізе зьявіліся б прывіды сацыялёгіі і паліталёгіі, а аўтар з цэнзурных меркаваньнях спрабуе выгнаць іх з найбольш далікатных месцаў.

Далей аўтар піша:

Паводле якіх крытэраў аналізаваць беларускі фэномэн? Беларусь настолькі спрэчная краіна, што калі мы не адыдзем ад абмеркаваньня асобы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (РБ) Аляксандра Лукашэнкі, якая раздражняе шмат каго і амаль усіх у разьвітых краінах, дык абмеркаваньня Беларусі не атрымаецца. За шмат гадоў ягонага лідэрства пра яго сказана так багата, што за гэтым нібыта зьнікла краіна.

Між тым лідэр ня можа ня быць вытворным ад сацыяльна-эканамічнай структуры свайго грамадзтва, ня можа ня быць часткай культуры свайго народу, часткай мясцовай палітычнай традыцыі. Тым болей лідэр, які больш за дзесяць гадоў кіруе дзяржавай і забясьпечвае ейнае пасьпяховае разьвіцьцё пры рэзкім процідзеяньні з боку вельмі ўплывовых сілаў. Прэзыдэнт РБ А. Лукашэнка — гэта вытворнае беларускага фэномэну, таму аналіз фэномэну цалкам можа абысьціся бяз дужа пільнай увагі да гэтага палітыка. (с. 8)

Трэба зьвярнуць увагу на адну «памылку друку», якая сьведчыць пра хібы ў самацэнзуры аўтара. Ён піша, што А. Лукашэнка раздражняе шмат каго ў «разьвітых» краінах. Ці вынікае з гэтага, што Беларусь — краіна «неразьвітая»?

У тым самым духу прычэпак да словаў: фэномэн Беларусі цалкам можна аналізаваць і згадваючы Лукашэнку, але толькі ў іншых кантэкстах, дзе дзейнічаюць іншыя мэханізмы цэнзуры і самацэнзуры.

Але пытаньні выклікае не фармальны бок прыведзенай цытаты, але ейная канцэптуальная лёгіка. «Лукашэнка — гэта вытворнае беларускага фэномэну, таму аналіз фэномэну цалкам можа абысьціся бяз дужа пільнай увагі да гэтага палітыка». Узгадаем двух немцаў — Гітлера і Адэнаўэра. Абодва — вытворныя «нямецкага фэномэну», і тое, што Гітлер родам з Аўстрыі, справы не мяняе. Але два гэтыя палітыкі — «дзьве вялікія розьніцы». І што тады ўяўляе зь сябе Нямеччына, якая іх нарадзіла?

Ленін зь нейкай нагоды пісаў, што ў некаторых выпадках дыктатар ёсьць найбольш адданым прадстаўніком інтарэсаў працоўнай клясы. Але зноў-такі: Ленін і Сталін ня вельмі сыходзяцца ў шмат якіх пунктах.

Нацыі, клясы — супярэчлівыя самі па сабе дадзенасьці з супярэчлівымі інтарэсамі, і «агучваюць» іх прадстаўнікі гэтых нацый ці клясаў, якія паміж сабой змагаюцца.

Калі «фэномэн» (Беларусь) прадстаўлены адзіным «вытворным» (Лукашэнкам), дык «фэномэн» мусіць валодаць нейкім адзінствам. Але на ўзроўні тэксту, на ўзроўні канструкцыі сказу Ю. Шаўцоў не патрапіў схаваць супярэчнасьцяў гэтага фэномэну. Паводле аўтара, Беларусь «спыніла разьвіцьцё ўласнага нацыяналізму» — то бок уступіла ў барацьбу сама з сабой.

У сувязі з кнігай Шаўцова прыгадваецца кніга Жэрара дэ Пюімэжа «Шавэн, салдат-земляроб: эпізод з гісторыі нацыяналізму», прысьвечаная, як відаць з назвы, салдату Шавэну, пэрсанажу францускіх вадэвіляў ХІХ ст. Сёньня слова «шавінізм» мае нэгатыўнае адценьне, але ў чым соль праўдзівага шавінізму? У адным са шматлікіх сюжэтаў, прысьвечаных Шавэну, вядзецца пра тое, як ён у час адной з францускіх рэвалюцыяў становіцца паміж паўстанцамі і ўрадавымі войскамі, якія мецяць адно ў аднаго, і крычыць: «Што вы робіце, мы ж усе французы!» І гіне ад стрэлаў абодвух варагуючых бакоў. Шавінізм — гэта сьцьвярджэньне нейкага адзінага «нацыянальнага інтарэсу» і ягонага прымату над інтарэсамі прыватнымі.

Кніга Ю. Шаўцова называецца «Аб’яднаная нацыя». Відавочна, што «аб’яднаная» — ня значыць «адзіная». Бо ж аб’яднаць можна і гвалтам, і аўтарытэтам. Таму беларускі шавінізм як падспудную перадумову да кнігі Ю. Шаўцова трэба пакуль (да больш дэталёвага аналізу) далучыць з прыстаўкай «крыпта» (таемны).

Без канцэпцыі «адзінства нацыі» немагчыма пабудаваць палітычнай тэорыі правадырызму, уласьцівай як «клясычнаму» італьянскаму фашызму, гэтак і расісцкаму нямецкаму нацыянал-сацыялізму. Толькі фэномэн «адзінай нацыі» можа даць «вытворнае» ў выглядзе правадыра. Гэтая фашысцкая канцэпцыя ў Ю. Шаўцова прэзэнтаваная ў перакручаным выглядзе: ён прыбірае з ваччу «вытворнае» (А. Лукашэнку). Можам меркаваць, што ў гэтым разе самацэнзура аўтара падыгрывае чытачам «разьвітых» краінаў. Як і ў выпадку з шавінізмам, фашызм аўтара таксама просіць прыстаўкі «крыпта».

Такім чынам, папярэдні аналіз «пунктаў біцьця» кнігі схіляе да пазытыўнага дыягназу фэномэну Ю. Шаўцова: крыпташарлатан, крыпташавініст, крыптафашыст. Ягоная кніга шмат у чым прысьвечаная не рэальнай Беларусі, а ейнаму афіцыйнаму сымулякру.

Друкуецца паводле: http://guraluk.livejournal.com



Арунас Бразаўскас

намесьнік рэдактара літоўскай эканамічнай газэты «Версло Зініос».

http://arche.bymedia.net/2007-09/brazauskas709.htm
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments