Юрий Гуралюк (guralyuk) wrote,
Юрий Гуралюк
guralyuk

А.Казакевич про книгу В.Булгакова "История белорусского национализма"

О! Судя по рецензии, в лице В.Булгакова у меня появился еще один единомышленник по ряду вопросов :)
Об оформлении белорусов в народ рамках именно Российской империи, а в нацию - в рамках СССР (БССР) я подробно и много пишу давным давно. Как и об изначальной в рамках белорусской культуры маргинальности белорусского же национализма в моей терминологии - "языкового национализма стандартного восточно-европейского типа".

Сама рецензия А.Казакевича - прекрасна: стиль, владение категориями, наличие собственной альтернативной концепции. Похоже, на периферии белорусского свядомага кола, ушедшего в борьбу с режимом, стали, наконец, появляться оригинальные и интересные авторы.

В общем, книгу В.Булгакова надо прочитать.


A R C H E П а ч а т а к № 7-8 (58-59) - 2007

Андрэй Казакевіч
Яшчэ адна гісторыя пра беларускі нацыяналізм
--------------------------------------------------------------------------------

Булгаков, Валер. История белорусского национализма. — Вильнюс, 2006.

І. Уводзіны
Гэты артыкул планаваўся як звычайная рэцэнзія на кнігу, але ў выніку стаў, таксама, добрай нагодай выказаць пэўна стаўленне да сучаснае інтэлектуальнае сітуацыі. Тэкст Булгакава зручна разглядаць як сімптом. У значнай ступені гэта эпатажная (што асабліва трэба памятаць пры чытанні тэксту) спроба скарачэння генеалогіі ва ўмовах стомы ад нацыянальных міфаў, лёгкага, але ўстойлівага дыскамфорту ад беларускасці. Абавязкова ў спалучэнні са спасылкамі на разнастайных Б. Андэрсана, Э. Саіда ды іншых легітымных і «модных» аўтараў, рэцэпцыя якіх звычайна не крытычная і дастаткова хаатычная. У пэўных асяродках беларускае супольнасці пасля зыходу «нацыянальнай» хвалі 1990-х гг. адчуваецца надыход стадыі стомленасці, асабліва ад нацыянальных «ідэяў», «аўтарытэтаў» і паўстае жаданне іх разбурыць з вышыні ўласнае інтэлектуальнае пазіцыі. Стомленыя ад гісторыі інтэлектуалы хочуць трапіць ва ўтульнае спажывецкае асяроддзе сучаснасці. Нельга сказаць, што тэндэнцыя дамінуе, але на сёння ўжо пашыраная. У прыватнасці можна прыгадаць апошнюю кнігу В. Акудовіча «Код адсутнасці».

Гэтыя працэсы заслугоўваюць больш дэталёвага аналізу, але варта заўважыць, што атака накіраваная не на разбурэнне нейкае ўстойлівае міфалогіі, якая ў Беларусі так і не мае легітымнага статусу, але на асобныя інстытуты, што традыцыйна лічацца асноваю беларускае нацыянальнае ідэнтычнасці: гістарычная навука, гісторыя літаратуры і г. д. Гэта выглядае дастаткова дзіўна ў краіне, дзе няма жорсткае нацыянальнае іерархіі міфаў на ўзроўні масавае свядомасці, існуе некалькі версіяў гісторыі і дзе дэканструкцыяй нацыяналістычнае міфалогіі займаліся не толькі левыя маргіналы (як на Захадзе), але дзяржаўныя структуры і бюракратыя.

Спецыфіка сітуацыі з іерархіямі праяўляецца ў тым, што Булгакаў верыць, што ўкраінскі нацыяналізм з’явіўся пры канцы XVIII ст. («міф» створаны ўкраінскімі гісторыкамі), у той час як для Беларусі ён гэтага не дапускае нават на пачатку ХХ ст. Аўтар «Гісторыі…» можа дазволіць сабе называць «Беларусь» неалагізмам Багушэвіча (с. 214), але пры гэтым для яго натуральна, што Шаўчэнка не прыдумваў слова «Украіна».

Зрэшты, такая стратэгія можа адлюстроўваць палітычны крызіс інтэлектуальнае супольнасці. Дэфіцыт рэальнай улады ў сучаснасці выклікае жаданне прадэманстраваць яе над мінулым. Пры гэтым кожны з такіх крытыкаў звычайна прапаноўвае вельмі ўласную непрактычную міфалогію замест рэканструкцыі мінулага і яго новай інтэрпрэтацыі. Прычынаю да гэтага часта выступае «дыскамфорт ад беларускасці» (у той форме, як яна даступная ў сацыяльным асяродку), хоць фармальна можа быць і іншае ідэалагічнае абгрунтаванне. Мінулае можна ствараць, рэканструяваць, рабіць (пера-) інтэпрэтацыю ці скарачаць — беларускія інтэлектуалы ўзяліся за апошняе.

Кніга Булгакава, падрыхтаваная на аснове кандыдацкай дысертацыі, абароненай у 2005 г. у Кіеве, збольшага трапляе ў тэндэнцыю «скарачэння» і па стылі, і па стратэгіі, таму мэтазгодна разглядаць яе ў больш шырокім кантэксце. Кніга складаецца з невялікіх уводзінаў і трох раздзелаў. Першы раздзел («Нация и национализм: домодерная и модерные парадигмы») мае пераважна тэарэтычны характар і ўводзіць у кантэкст даследавання нацыі і нацыяналізму ў сучаснай гуманістыцы. Другі («Первые националисты») утрымлівае аўтарскі кантэкст польскага і расійскага каланіялізму ў Беларусі. Трэці раздзел прысвечаны Ф. Багушэвічу і разгляду месца яго творчасці ў стварэнні беларускае літаратуры і нацыянальнага руху («Ф. Богушевич и миф белорусского возрождения»). На гэтым гісторыя беларускага нацыяналізму, так і не пачаўшыся, завяршаецца. У канцы кнігі змешчана Заключэнне з выкладаннем асноўных падыходаў да вызначэння прычынаў «запозненага» беларускага нацыяналізму і вельмі эмацыйнае пасляслоўе са складанаю назваю: «Сікавы бурбулік» і «власяковы жужаль»: колониализм и национализм в белорусской истории».

У нашы мэты не ўваходзіць дэталёвы аналіз усіх раздзелаў, тэарэтычную частку мы ўвогуле разглядаць не будзем. Наша мэта — вылучыць і раскласці мадэль беларускага нацыягенэзу, якую прапаноўвае аўтар «Истории белорусского национализма».

Тэкст Булгакава, не зусім цэласны, магчыма, быў напісаны ў розны час і складаецца з розных элементаў, якія часам супярэчаць адзін аднаму. Абгрунтаваныя і паслядоўныя часткі могуць спалучацца з сітуацыйнымі ці эпатажнымі тэзамі без аргументацыі, часам на мяжы карэктнасці ў дачыненні да канкрэтных даследчыкаў. Падаецца, гэта было зроблена, каб штучна надаць тэксту дадатковую радыкальнасць і правакацыйнасць, выкрыць «устойлівыя міфы», устойлівасць і само існаванне якіх шмат у чым ёсць міфалогіяй уласна Булгакава. Акрамя гэтага, назва кнігі не зусім адпавядае зместу, як, дарэчы і значная частка назваў раздзелаў, што было зроблена, відавочна, для большай атракцыйнасці кнігі для шараговага чытача.

Паспрабуем адказаць на пытанне, чаго ў кнізе болей: жадання прэзентаваць уласнае бачанне беларускае гісторыі ці крытыкі сучасных візіяў. Падаецца, што інтэнцыя прадэманстраваць крытычнасць і правакацыйнасць была галоўнаю. Гэта выразна дэманструюць запал і асобныя кантэксты. «Крытыка» праходзіць праз апісанне каланіяльнае сутнасці польскага нацыяналізму 1-й пал. ХІХ ст. (сюды трапляюць і ўсе беларускія польскамоўныя аўтары), праходзіць праз расійскі нацыяналістычны дыскурс, міфы беларускага руху і завяршаюцца крытыкаю сучаснага палітычнага ладу і культурнае сітуацыі ў Беларусі. Для паўнаты сітуацыі не хапае толькі крытыкі глабалізацыі ды ўсясветнае капіталістычнае сістэмы. Кніга сыходзіць з пазіцыяў аўтарытэтнасці тэзаў Э. Саіда, Б. Андэрсана і іншых заходніх аўтараў, пры гэтым без асаблівых агаворак пэўныя асобы мінулага могуць называцца расістамі ці каланізатарамі, нават калі яны адлюстроўвалі агульную візію свайго часу. Сам Булгакаў называе Беларусь тэрыторыяй з «абмежаванымі культурнымі рэсурсамі», «культурна бедную» (с. 186), кажа пра «дэфіцыт гістарычнае традыцыі», у іншым месцы называе тэрмін Беларусь «паразітарным» і т. д. Калі б такія словы сказаў Міцкевіч, Каяловіч ці Лукашэнка, любы інтэлектуал аўтаматычна аднёс бы іх да шэрагаў «расістаў».

Пры выкладанні канкрэтных падзеяў «История белорусского национализма» ўтрымлівае значную колькасць спасылак на канцэпцыі і эмпірычную базу ўкраінскіх і расійскіх аўтараў. Пры гэтым спасылкі на матэрыялы беларускіх даследаванняў дастаткова абмежаваныя і няпоўныя, можна сказаць, мінімальныя, ўлічваючы тэму даследавання.



ІІ. Асноўныя інтэнцыі
Тэкст характарызуе супярэчлівасць першасных інтэнцыяў, што можна лічыць дастаткова пашыранай з’яваю для сучаснага інтэлектуальнага поля Беларусі (магчыма, любога інтэлектуальнага поля ў прынцыпе). Амбітныя беларускія аўтары адначасова спрабуюць быць навукоўцамі, разбуральнікамі/крытыкамі традыцыі, стваральнікамі новых традыцый, палітычнымі апазіцыянерамі і г. д. (Поўны набор адначасовых інтэнцыяў можа быць доўгім.) Пры гэтым прыкладна палова лічыць сябе «першымі і адзінымі» ў пэўнай галіне, сферы думкі, статусе… Часам інтэлектуалы распавядаюць, што менавіта яны прыдумалі гістарычныя міфы і асабліва міф Вялікага Княства Літоўскага, беларускі нацыяналізм, філасофію, аналітыку, мысленне і г. д. Прычым гэтыя «вынаходніцтвы» маюць канкрэтных аўтараў, народжаных ex nihilo, а іх стварэнне адбылося «зусім нядаўна» (звычайна напрыканцы 1980-х ці ў 1990-х гг.). Нават паверхневы погляд на гісторыю ХХ ст. дае магчымасць пабачыць, што гэта не зусім так. Для значнае часткі афіцыйных ідэолагаў беларуская дзяржаўнасць пачынаецца з 1994 г., для значнае часткі беларускіх інтэлектуалаў «культура» прыдумваецца пасля 1988 г. Сітуацыя падаецца дастаткова лагічнаю.
Тэкст Булгакава збольшага адпавядае гэтай тэндэнцыі. Імкненне да «дэканструкцыі» і правакавання спалучаецца з патрабаваннем навуковасці, аб’ектыўнасці і палітычнай крытыкі сучаснага рэжыму, што дае дастаткова дзіўную сумесь. Сама па сабе крытыка і дэканструкцыя беларускасці магла б выглядаць дастаткова легітымна і лагічна (калі пакінуць убаку аксіялагічны бок справы), каб напрыканцы кнігі аўтар не выказваў свайго крытычнага стаўлення да сучаснае культурнае палітыкі, сцвярджаючы, што «перамагчы рэжым можна толькі пераадолеўшы комплекс культурнае непаўнавартасці беларускага народу». Цікава, якім чынам? Праз паўтарэнне з выкарыстаннем новае інтэлектуальнае тэрміналогіі ідэяў пра «прыгнёт літоўскіх феадалаў», «паразітарны характар наймення Беларусь», «хімернасць беларускага нацыяналізму (беларускага руху) не толькі ў ХІХ, але і ХХ стст.», «неразвітасць беларускае нацыі» і г. д. Пры гэтым усіх аўтараў, якія хоць неяк спрычыніліся да апісання Беларусі ХІХ—ХХ стст., характарызаваць расістамі (Каяловіч), каланізатарамі (Міцкевіч, Дунін-Марцінкевіч), дылетантамі (В. Ластоўскі), міфатворцамі (практычна ўсе), параноікамі (Бяссонаў), крывадушнымі маніпулятарамі (Каліноўскі) ці проста наіўнымі людзьмі. Пры такой інтэрпрэтацыі мінулага і сучаснасці афіцыйная культурная палітыка выглядае дастаткова лагічнай, тала таго, такія вывады ў дачыненні да ўласцівасцяў «беларускасці» і яе гісторыі для яе [улады] з’яўляюцца не інтэлектуальным вынаходніцтвам, але аксіёмаю, што і вызнае яе палітычныя і культурныя практыкі. Якія, дарэчы, таксама змагаюцца з комплексамі непаўнавартасці, але некалькі іншымі сродкамі (магчыма, у ХІХ ст. рускія не ўспрымалі беларусаў як «паўнавартых», але затое цяпер мы ў авангардзе).

Усялякая генеалогія «беларускага», у тым ліку і нацыяналізму, максімальна скарачаецца (у найбольш радыкальных заявах да канца 1980-х гг.). Узнікае пытанне, якім чынам «нацыяналізм», прыдуманы купкаю беларускіх інтэлектуалаў у позні савецкі перыяд, можа патрабаваць высокага палітычнага статусу ў параўнанні з савецкай культураю, якая мела прынамсі пэўную культурную практыку. Пасля гэтага патрабаванне павагі, заявы супраць дыскрымінацыі і крытыка палітычнага рэжыму выклікаюць іронію.

Палітычная пазіцыя Саіда, на якога Булгакаў шмат разоў спасылаецца, зразумелая: праз інтэлектуальную дэлегітымацыю Захаду (прызнанне заходняй «веды» каланіяльнай, расісцкай і г. д.) — легітымацыя незаходняе веды і візіі свету. Палітычная пазіцыя Булгакава, сыходзячы з таго, што чыстае навуковае даследаванне, як мне падаецца, не было асноўнай інтэнцыяй тэксту, не зусім зразумелая. Скажам, калі Саід абвяшчае Д. Юма расістам, то зразумела — навошта; калі Булгакаў называе Міцкевіча каланізатарам — не ўсё так відавочна.

Калі ўспрымаць усе пасажы тэксту літаральна і сур’ёзна, то яны здольныя, хутчэй, паглыбіць культурныя комплексы, нібыта разбураючы «нацыяналістычную» міфалогію і не прапаноўваючы ніякае прывабнае альтэрнатыўнае візіі. Яшчэ раз зазначу, што здзіўляе не сама дэканструкцыя «беларускасці», але яе спалучэнне з крытыкаю сучаснага палітычнага і культурнага ладу з пазіцыі «беларускасці», правакацыйнымі і часам абразлівымі заявамі ў адносінах да Беларусі ды розных дзеячаў беларускае культуры. Змагацца з нацыянальнымі міфамі і міфатворчасцю, пераадольваць комплексу культурнае непаўнавартасці, праводзіць даследаванне, не звяртаючы ўвагу ні на першае, ні на другое. Булгакаў у межах свайго тэксту спрабуе адначасова спалучаць першае, другое і трэцяе. З яўнай перавагаю «змагання».

Калі падсумаваць падыход Булгакава, то ён складаецца з «крытыкі» рускага імперыялізму (галоўным чынам у рэчышчы новае ўкраінскае гістарыяграфіі), крытычнага стаўлення да польскасці (практычна цалкам у рамках заходнерусізму і рускага нацыяналізму) і крытыкі класічнае беларускасці (беларускае традыцыі) — у фармаце крытычных інтэлектуалаў з элементамі канцэпцый сучасных заходнерусаў. Канфігурацыя трохі нязвыклая. Усё гэта дапаўняецца апазіцыйным дыскурсам 1990—2000 у яго нацыянальнай (нацыяналістычнай) версіі — з выкрываннем дыктатуры, рэпрэсіяў, дыскрымінацыі і беларускага комплексу непаўнавартасці.

У адным эпатажным фрагменце аўтар вызначае, што беларуская мадэль этнагенезу больш падобная не на суседнія краіны, але Сярэднюю Азію (с. 187). Пры гэтым беларусы супрацьпастаўляюцца «нармальным» нацыям: украінцы, латышы, эстонцы… Сутнасць нацыятворчых працэсаў у рэгіёне Сярэдняе Азіі не раскрываецца, а фраза застаецца формулаю, якая не дазваляе зразумець, наколькі аўтар валодае інфармацыяй па працэсах нацыянальнага будаўніцтва таджыкаў, узбекаў ці кіргізаў (якія дэманстравалі вельмі розныя мадэлі нацыягенезу). Не зусім зразумелае імкненне да арыенталізацыі Беларусі можна назіраць і ў іншых фрагментах. Напрыклад, Булгакаў сцвярджае, што «В’етнам, Беларусь, Верхняя Вольта — тэрміны аднаго ідэалагічнага парадку» (с. 188). Гэта павінна падкрэсліць каланіяльнасць Беларусі, а магчыма, яе аналагічнасць краінам «трэцяга свету». Не будзем тут абмяркоўваць «Беларусь», але варта адзначыць, што «В’етнам» і «Верхняя Вольта» — паняцці вельмі рознага парадку. Апошняя — класічная (каланіяльная) геаграфічная назва, якая прымянялася для адлюстравання зоны з этнічна стракатым насельніцтвам. Першая сканструявана з традыцыйнае саманазвы згуртаванае этнічнае групы «в’ет». Тое, што першапачаткова фармулёўка назвы В’етнам мела знешні характар, які, дарэчы, дастаткова цяжка назваць «каланіяльным», ужо даўно мае не ідэалагічнае, але выключна гістарычнае значэнне.


ІІІ. Каланізатары першай паловы ХІХ ст.
Чаго ад пачатку бракуе аўтару, дык гэта комплекснага разгляду сітуацыі ХІХ ст., асабліва ў кантэксце супрацьстаяння розных палітычных і культурных праектаў ды адсутнасці адзінае ідэнтычнасці ў краі (дакладней, яе глыбокі крызіс). Няма асаблівых падставаў лічыць польскую ідэнтычнасць і тым больш яе палітычны праект ХІХ ст. гамагенным і маналітным. Але Булгакаў апісвае яе менавіта так і інтэрпрэтуе ўсіх беларуска-польскіх аўтараў першай паловы ХІХ ст. менавіта як «каланізатараў», «першых нацыяналістаў»; у сэнсе нацыяналістаў польскіх, усе дзеянні якіх накіраваны на асіміляцыю ды стварэнне культурна і палітычна маналітнае польскае нацыі.
Разгляд аўтарам «польскага кірунку» ў большасці супадае са схемамі заходнерусізму і падаецца максімальна схематычна. Асноўны ўхіл робіцца на польскі «мадэрны» нацыяналізм і фармаванне польскае «мадэрнае» ідэнтычнасці. Ніякіх адносінаў да беларускага нацыяналізму і нацыянальнага руху гэтыя персанажы не маюць. Галоўная іх роля: маргіналізаваць ды пазбавіць сімвалічнага капіталу беларусаў і навязаць уласную гамагенную і агрэсіўную ідэнтычнасць.

Выключаны схематызм, які можна лічыць прамою рэцэпцыяй імперскага дыскурсу другой паловы ХІХ ст., праяўляецца ў настойлівым пастуляванні гамагеннасці польскага нацыянальнага праекту, які не толькі практычна не змяняецца ў часе, але і выступае сапраўднай дэманічнай сілаю. Кожны элемент і кожная ідэя і кніга — усё падпарадкавана стварэнню адзінае і гамагеннае Польшчы.

Польскі нацыянальны праект на пачатку ХІХ ст. падаецца як гамагенны і інтэграваны агульнай палітычнай стратэгіяй, практыкай і логікай, а таксама агульным праектам ідэнтычнасці. Пазіцыя дастаткова сумнеўная нават калі аналізаваць узровень нацыянальнае «тэорыі», не кажучы ўжо пра рэальныя практыкі ідэнтычнасці асобных шляхецкіх і каляшляхецкіх асяродкаў. Для ілюстрацыі таго, што гэта было не зусім так, спашлёмся толькі на выдадзеныя па-беларуску тэксты Бардаха (пра шматузроўневую свядомасць) і Валіцкага (канкурэнцыя трох праектаў Рэчы Паспалітай як нацыі: шматкультурны, уніянісцкі і федэрацыйны), хоць гэты шэраг можна было б значна дапоўніць?.

палітоляг, галоўны рэдактар часопіса «Палітычная сфера». Кіраўнік праграмы «Паліталёгія. Эўрапейскія дасьледаваньні» Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту з сакавіка 2006 г. Падрыхтаваў да абароны дысэртацыю «Тэарэтычныя аспэкты палітычнага аналізу судовай улады Беларусі».
Для замацавання ўласнае пазіцыі Булгакаў зазначае, што любыя праявы рэгіяналізму, культывацыя рускай і літоўскай літаратуры не толькі не заахвочваліся, але і «пераследаваліся ў «польскім» асяроддзі» (с. 116). Аднак трэба адзначыць, што частка культурнае эліты свядома працавала ў рэчышчы этнічных культураў, але гэтыя працэсы аўтар цалкам ігнаруе, хоць яны, калі ўзгадаць назву, павінны былі стаць асноўным прадметам даследавання. Адпаведныя практыкі мелі ўстойлівы характар, як і гістарычная памяць. Тым ня менш аўтар спыняецца на разглядзе толькі «тэорыі». Ніводзін з гэтых феноменаў — ні на ўзроўні ідэнтычнасці ні, прынамсі, на ўзроўні акадэмічных практыкаў — вельмі істотны для разумення беларускага этнагензу — не аналізуецца і выціскаецца з кантэксту. Хоць, напэўна, яны маглі б быць асноўным прадметам цікавасці пры разглядзе гісторыі беларускага нацыяналізму.
Агульне кажучы, здабыткам даследавання беларускага нацыяналізму можа быць аналіз адрозненняў і гетэрагеннасці культурнае і палітычнае сітуацыі ХІХ ст., дэталі якой і вызначалі асаблівасці развіцця нацыянальнага руху. «Ідэалагічныя» палякі, палякі метраполіі і «палякі» перыферыі дэманстравалі вельмі розныя падыходы і логіку апазнавання Беларусі, а таксама стаўленне да яе. І гэтыя адрозненні мелі, відавочна, вырашальнае значэнне для старту працэсу беларускага нацыягенезу. Нараджэнне сэнсаў палягае менавіта ў аналітыцы адрознасці, у той час як Булгакаў практычна ўсю інтэлектуальную энергію накіроўвае на даказванне аднолькавасці і тоеснасці. Стаўка на канструяванне штучнае аднастайнасці (тым больш у супрацьвагу фактам) можа ўвесці ў зман, а таксама дэзарыентуе ў часе і прасторы. Напрыклад, стаўленне да беларусаў такіх аўтараў, як Баршчэўскі, Міцкевіч ды Рыпінскі, было дастаткова розным (як і палітычныя вывады, якія з гэтага выцякалі), што відавочна адлюстроўвала падзелы ў шляхецкім польскамоўным асяродку, але ўсяго гэтага аўтар максімальна не заўважае, спрабуе зліць і даказаць неістотнасць адрозненняў. Часам, праўда, аўтар адыходзіць ад пазначанае схемы, у прыватнасці праз пазначэнне фактаў рэгіянальнае «польскасці», супраць якой павінны былі змагацца абстрактныя «польскія нацыяналісты». Напрыклад, «польская шляхта спрабавала стварыць прамежкавую польска-беларускую ідэалогію», але такія вывады не прыводзяць да разгортвання сутнасці гэткай «ідэалогіі», супярэчаць астатнім вывадам тэксту ці проста дапаўняюцца «тэлеалогіяй» кшталту «але на самой справе сапраўднай мэтаю была канчатковая асіміляцыя».

Сам аўтар адзначае феномен разнастайнасці для Багушэвіча (с. 261). Беларускі актывіст канца ХІХ ст. не абавязкова павінен ствараць толькі беларуская школы і весці «беларускае палітычнае жыццё». Пры гэтым ад інтэлектуалаў і палітычных дзеячаў ХІХ ст. (у тым ліку і Каліноўскага) Булгакаў патрабуе абавязковае паслядоўнае і маналітнае ідэнтычнасці, а фіксацыю фактаў неаднароднае ідэнтычнасці называе фальсіфікацыямі. Падвойная культурная лаяльнасць Багушэвіча ўспрымаецца як дадзенасць, а Каліноўскага — як падман. У адной частцы работы (с. 267) Булгакаў пазначае, што «трактоўка Багушэвіча як польскага пісьменніка, які пісаў на палітычную замову, у вышэйшай ступені палітызаваныя», але тэзісы пра польскасць Каліноўскага (пры небагатай колькасці фактаў) лічыць даказанымі.

Паказальным таксама з’яўляецца прызнанне ў духу «левых крытыкаў» пэўных аўтараў расістамі і каланізатарамі толькі на той падставе, што яны казалі пра беднасць глебы і пра галечу беларускага народа як знешнія назіральнікі. Галоўная загана «простага» каланіяльнага аналізу ў тым, што калі нешта вызначаецца як «каланізатар», ён дрэнны ў любым выпадку, а неабходныя факты падганяюцца пад першасную ідэалагічную інтэнцыю. Калі прызнаецца кантраст паміж нацыямі — гэта расізм, калі не прызнаецца — імперыялізм і жаданне знішчыць своеасаблівасць. Умяшанне ў культуру — агрэсія, неўмяшанне — сегрэгацыя ці стварэнне гета, палітыка на захаванне негатыўнага культурнага status quo. Гэтую палітызаваную мадэль актыўна выкарыстоўвае Булгакаў. Тут не дастае паслядоўнасці, што, зрэшты, ўяўляецца характэрным для многіх аналітыкаў каланіяльнасці. Напрыклад, спачатку Булгакаў кажа пра канструяванне польскім нацыяналізмам беларусаў і Беларусі як «іншага», потым пра стратэгію «тоеснасці каланізатара і каланізаванага». І першае, і другое, натуральна, — каланіяльныя стратэгіі, але якім чынам можна канструяваць іншага і адначасова атаесамляць сябе з пэўным народам? Пэўна, можна, але такія мадэлі патрабуюць асцярожнага карыстання. Для сучаснага інтэлектуала дастаткова проста знайсці тлумачальныя тэарэтычныя схемы (і аўтары кшталту Саіда, як і іншыя левыя крытыкі, гэта дазваляюць), але на колькі гэта дазваляе зрабіць крок у разуменне акалічнасцяў беларускага нацыягензу? У выніку любы працэс можна назваць каланіяльным, нават калі ён такім і не быў. Каланіялізм «тутэйшае шляхты» супраць «тутэйшых сялян», палякаў супраць беларусаў, беларусаў супраць тутэйшых, тутэйшых супраць усіх… Напрыклад, зніжэнне стыляў беларускае літаратуры магло ў большай ступені быць вынікам адсутнасці рынку спажывання, а не свядомымі каланіяльнымі практыкамі. Літаратура — інстытуцыя, якая прадугледжвае не чытача, але толькі добрую волю. Што тычыцца «беларускае праблематыкі», яна ўстойліва прысутнічае ў тэкстах мясцовае шляхты, што само па сабе пачало нацыягенез.

Зрэшты, у кнізе ў прынцыпе мала «пазітыўных» ацэнак дзейнасці нацыянальных рухаў. Калі пэўны культурны аўтар ці палітычны дзеяч («паляк» альбо «рускі») дэманструе добрае стаўленне да Беларусі — гэта прыхаваныя тэхналогіі маніпуляцыі, паранойя, наіўнасць і праставатая міфатворчасць. Калі гэты аўтар дэманструе негатыўнае стаўленне — гэта праявы шавінізму ды расізму. Калі аўтар выяўляе абыякавае стаўленне да беларускае праблематыкі, то гэта таксама расісцкая ці каланіяльная тэхналогія, накіраваная на ігнараванне інтарэсаў, прыгнёт ды эксплуатацыю. Цікава, што павінен быў напісаць пра Беларусь выхаваны ў культурных і сацыяльных умовах ХІХ ст. чалавек, каб не быць расістам, параноікам альбо каланізатарам. Кажа пра тое, што беларусы мелі велічнае палітычнае мінулае, — значыць параноік (с. 179), калі звяртаецца да гісторыі ВКЛ — прымітыўны міфолаг, калі скажа, што «зямля гэта бедная, і не мае права на самотнае развіццё», то становіцца расістам (с. 172).

У прынцыпе, самым горшым з пазіцыі каланіяльнае стратэгіі было б прызнанне пэўнага асобнага народу ці этнасу. Маніфестацыя адрознасці пры гэтым з’яўляецца істотнаю, ствараючы ўсе перадумовы самастойнае суб’ектнасці (а значыць і нацыяналізму). У той ці іншай ступені прызнанне адрознасці ёсць легітымацыяй народу (асабліва калі сыходзіць з дэмакратычных пазіцыяў), нават калі гэта адбываецца на ўзроўні вясковае культуры.
Tags: Восточная Европа
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 13 comments